Суботнія веласіпедныя вітанкі! 🚴
Пад прошлым анонсам было 16 рэакцый у падтрымку новага фармату, таму сёння спецыяльны нефарматны допіс, у межах якога я хачу распавесці вам пра сваё захапленне веласіпедам.
Адкуль пайшло
Калі я быў малы, то кожнае лета на канікулы я ездзіў да бабулі ў вёску. Вёска знаходзіцца даволі далёка ад горада, дзе я жыў з бацькамі, таму паездка туды была падобна на экспедыцыю на востраў, бо мабільнай сувязі тады яшчэ не было, а звычайны тэлефон быў толькі ў суседкі праз тры дамы.
І вось у такім рэжыме палескіх рабінзонаў я бавіў там час з дзядзькам, який навучыў мяне арыентавацца ў лесе і балоце, лавіць рыбу і ўмець шукаць сляды жывёл. Лясныя абшары там даволі вялікія і пешшу не адолець, таму мы актыўна карысталіся веласіпедам. Ехалі, пакуль атрымлівалася, а калі сцежка зусім знікала, хавалі веласіпеды і далей ужо нагамі.
З тых часоў засталіся даволі яркія ўспаміны, да таго ж гэта дзяцінства, калі дарослых турбот няма і ўсё, што здараецца, новае, таму неверагодна цікавое. Думаю, гэта і паспрыяла таму, што паездкі на веласіпедзе для мяне – нешта такое, што вяртае мене ў тыя часы і супакойвае думкі. Нагадвае медытацыю.
Першы далёкі заезд
Калі я пераехаў у Мінск вучыцца, то зразумела, што ў інтэрнаце захоўваць веласіпед было немагчыма. Таму да веласіпеда я вярнуўся толькі на 4 курсе, калі пераехаў на асобную кватэру. Спачатку браў на пракат, а потым і свой набыў. Першыя паездкі былі не надта доўгія, але ў азарт пачаў разбіраць і хацелося заехаць усе далей і далей, праверыць, колькі змагу адолець.
І вось аднойчы я вырашыў паехаць у свой першы вялікі велапаход. У якасці маршрута я абраў шлях з Баранавіч да Лунінца, таму што амаль увесь час аўтамабільная дарога па маршруце ішла ўздоўж чыгункі. На выпадак, калі нешта здарыцца ці я моцна стамлюся, я ў любы момант мог сесці на “дызель” да Лунінца. Гэта была мая страхоўка.
Але 145 кіламетраў я пераадолеў даволі лёгка, вельмі моцна здзівіўшы бацькоў, калі нечакана з’явіўся дома. Цяжкімі былі можа быць першыя 40 хвілін, бо да Баранавіч я ехаў начной электрычкай і калі толькі выехаў з горада, было яшчэ зусім цёмна і нязручна.
Брэветы і медалі
Ужо пазней, калі я зноў прывёз свой веласіпед у Мінск, я пачаў шукаць маршруты, па якім було б цікава паездзіць. Дакладна не памятаю, якім менавіта чынам, але я патрапіў на форум, дзе абмяркоўвалі свае паездкі ранданёры. І там жа дазнаўся, што праводзяцца брэветы – спецыяльныя заезды, дзе няма гонкі за першае месца, але патрэбна выканаць пэўныя правілы, каб твой вынік залічылі.
Пачатковая дыстанцыя для сапраўдных брэветаў – 200 кіламетраў, якія патрэбна праехаць за адведзеныя 13 гадзін і 30 хвілін (сярэдняя хуткасць 15 км/г). Было боязна ехаць, але свой першы брэвет з залікам і медалём я праехаў 19 красавіка 2014 года за 12 гадзін 52 хвіліны. Другі паспяховы брэвет адбыўся 16 красавіка 2016 года з вынікам у 12 гадзін і 27 хвілін.
Была яшчэ спроба праехаць брэвет на 300 кіламетраў, але на пачатку маршрута трапіў у яму ў цемры і трошкі паламаў веласіпед (пагнуў колы і амаль не было задніх тармазоў), што запаволіла тэмп і давялося сысці з дыстанцыі, калі не паспеў на прамежкавы кантрольны пункт.
Потым пачалося сямейнае жыццё, дзеці і іншыя турботы, таму на некаторы час я выпаў з ранданёрскага руху, але па магчымасці выбіраўся на доўгія маршруты, калі дазваляў час. Але ж планую ў хуткім часе вярнуцца да брэветаў і актыўна трэніруюся, бо без падрыхтоўкі такую адлегласць не праехаць.
Калі вам цікава даведацца больш пра ранданёрскі рух у Беларусі, стаўце агеньчык 🔥, наступным разам распавяду і пакажу, дзе знайсці інфармацыю і далучыцца да супольнасці. Ну і праехаць свой першы брэвет, бо каляндар на гэты год ужо зацверджаны!
Першапачаткова апублікавана ў Telegram-канале 2024-02-10.
