Калі працуеш над Open-Source праектамі, прызвычайваешся, што многія рэчы, як і ў сапраўдным жыцці, вырашаюцца на ўзроўні звычайных чалавечых адносін. Так, дакладна можна напісаць Лінусу Торвальдсу з прапановай, які прафесійна затопча цябе ў гразь за недахоп ведаў, але па факце гэта будзе асабістая размова з легендай, няхай і праз інтэрнэт.
Калі тэхналогіі толькі пачыналі развівацца, многія рэчы рабіліся проста праз дамовы паміж людзьмі. Часам нейкія фармальныя працэдуры патрабаваліся, напрыклад напісаць RFC ці ліст да публічнай рассылкі, але ўсё было даволі проста – патрэбна было толькі папрасіць. Менавіта так і зрабіў у 1995 годзе Tatu Ylonen (яго Twitter/X).
Першапачаткова для сувязі паміж камп’ютарамі выкарыстоўваўся пратакол telnet, які быў зроблены ажно ў 1969 у першыя дні працы IP-сеткі. Пратакол не прадугледжвае ўбудаваных мер бяспекі і гэта робіць складаным яго выкарыстанне, калі ёсць нагоды не давяраць цалкам удзельнікам сеткі.
Для перадачы праз сетку файлаў у тыя часы ўжо існаваў пратакол ftp (File Transfer Protocol), які так сама не меў аніякіх сродках забеспячэння бяспекі. Таму Tatu Ylonen напісаў свой пратакол – SSH (Secure Shell). Ён распрацаваў SSH, каб замяніць як telnet (порт 23), так і ftp (порт 21). І так склалася, што порт 22 быў як раз паміж партамі ftp і telnet і быў свабодны. Tatu палічыў, што нумар можа быць адной з тых дробязяў, якія нададуць нейкую аўру даверу. Але патрэбна было неяк атрымаць гэты порт.
У той час асноўны працэс размеркавання партоў быў даволі простым, бо Інтэрнэт толькі пачынаўся. Нумары партоў выдзяляліся арганізацыяй IANA (Internet Assigned Numbers Authority). Кіраваў ёй у той час Jon Postel, рэдактар пратаколаў IP, ICMP і TCP. Напісаць чалавеку, які быў аўтарам галоўных дакументаў Інтэрнэту, было страшнавата.
І ўсё ж Тату напісаў ліст Джону, дзе распавёў пра асаблівасці сваёй новая праграмы ssh і папрасіў вылучыць для яе порт з дыяпазону ад 1 да 255, каб трапіць у WKS (Well-Known Services) – спіс давераных сервісаў, і спытаў, ці можна ўзяць нумар 22, бо ён ім ужо карыстаўся ў бета-версіі.
На наступны дзень 10 ліпеня 1995 года прыйшоў адказ: “Tatu, мы прызначылі порт 22 для ssh, дзе ты пазначаны як кантакт”. Пасля гэтага, 12 ліпеня, аўтар афіцыйна напісаў сваім бета-тэсцерам і анансаваў першую версію ssh-1.0.0. Такім чынам порт 22 стаў звычайнай з’явай для тых, хто працуе з серверамі праз сетку. Такая вось гісторыя, цікавая і бадай непаўторная, хаця ўсё развіваецца і хто ведае, што будзе праз 100 гадоў.
Буду ўдзячны вашай падтрымцы і распаўсюджванню, як і заўсёды.
Першапачаткова апублікавана ў Telegram-канале 2024-02-12.