Прадукцыйна працаваць вельмі важны навык і дакладна можна сказаць, што шмат у каго не заўсёды атрымліваецца, інакш не было б столькі кніжак напісана па гэтай тэме. Людзі розныя, таму і метадаў шмат, бо не кожны працуе аднолькава для ўсіх. Менавіта таму я знаёмлю вас з рознымі падыходамі, бо калі не першыя пяць, то магчыма шосты вам падыдзе і вырашыць вашую праблему.
Сёння хачу расказаць пра даволі вядомы, просты і эфектыўны метад планавання 1-3-5, який часцяком выкарыстоўваюць у інжынерных камандах. І задача гэтага метаду не столькі павысіць агульную прадукцыйнасць каманды, але дапамагчы асобным удзельнікам сфакусіравацца на сапраўды важных для бізнесу задачах.
Правіло прапануе замест бясконцага спісу задач ствараць для выканаўцаў адмысловыя наборы задач, раздзеленыя па прыярытэтам. Спачатку вызначаецца адна вялікая і важная задача, якую патрэбна зрабіць абавязкова і ў першую чаргу. Пасля яе ідзе спіс з трох важных, але не крытычных задач і нарэшце спіс з пяці малых задач.
Канешне, не для ўсякай працы такое падыдзе, і задачы патрэбна рабіць зразумелыя, з бачным канчатковым вынікам і хоць прыблізна зразумелым часам выканання, але гэта ўжо іншая тэма для абмеркавання. Асноўная ж ідэя падыходу – гэта зразумелае для ўсіх размеркаванне прыярытэту.
Правіло можна прыстасаваць да любога перыяду часу, але на маю думку, лепш за ўсё яно будзе працаваць у выпадку тыднёвага планавання, бо дзевяць задач агулам – гэта вельмі шмат, каб паспець за адзін дзень. А калі запісваць зусім дробязі, то будзе складана такую сістэму ўліку абслугоўваць.
Я гэты падыход так сама выкарыстоўваю, але адаптаваў пад сябе і свае патрэбы. Замест адной галоўнай задачы ў мяне – мэта на тыдзень. Калі вы чыталі мой допіс на тэму мэтанакіраваных тыдняў, вы зразумееце, пра што я кажу. Мэта проста апісвае паказчыкі, якіх я жадаю дасягнуць за тыдзень працы.
Мэту я разбіваю на тры задачы, якія патрэбна выканаць, каб паказчыкі былі дасягнуты. Задачай можа быць напісанне артыкулу, ці запіс і мантаж відэа, калі мы гаворым пра праект развіцця ўласнага блогу. Астатнія задачы, якія ў агульным правіле лічацца малымі, у маім выпадку не адносяцца да мэты наўпрост, а павінны дапамагчы з развіццём усяго праекта. То бок гэта ўсё, што тычыцца абслугоўвання і паступовага ўдасканалення.
Прымяненне такога правіла не азначае, што кожная хвіліна павінна быць нечым занята, рабіць перапынкі патрэбна абавязкова і правіла можна прымяняць у камбінацыі з іншымі падыходамі. Карысць жа ў тым, що гэта прымяненне гэтага правіла заўсёды дае вычарпальны адказ – а што на самой справе самае важнае.
👍 калі было карысна 😇 І са святам! 🥰
Першапачаткова апублікавана ў Telegram-канале 2024-02-14.