Раней я ўжо расказваў пра Jamstack, генератары сайтаў і безгаловыя CMS, цяпер жа надышоў час нарэшце распавесці пра тое, як быў зроблены і працуе сайт з правіламі беларускай мовы – pravilna.by.
Спачатку трошкі гісторыі
Або чаму я ўвогуле вырашыў стварыць яго? Аднойчы я шукаў нейкае правіло адносна беларускай мовы і трапляў на спасылкі з тэкстам закона, дзе ўсё было апісана. Дзесці гэта былі вялізныя дакументы ў фармаце pdf ці doc, дзесці проста web-старонкі, але шукаць нешта ў вялікім дакуменце не вельмі зручна. І неяк мне на вочы трапіўся падобны сайт, але з правіламі рускай мовы і я вырашыў, а чаму б не зрабіць такі ж, але для нашай, роднай мовы?
Свае сайты я ўжо ў той час рабіў з дапамогай генератараў, таму што гэта было амаль бясплатна, а для некамерцыйнага праекту вельмі важна эканоміць рэсурсы. Я набыў толькі дамен, за який даводзіцца плаціць і цяпер. У якасці генератара я абраў Hugo, бо актыўна цікавіўся ў той час мовай праграмавання Go і было цікава скарыстацца інструментам, напісаным на той жа мове праграмавання.
Што сабой уяўляе сам сайт
Два вялікія раздзелы – арфаграфія і пунктуацыя, 11 падраздзелаў і 66 параграфаў з непасрэдна правіламі. Кожны параграф мае тлумачэнне і прыклады слоў ці моўных канструкцый. Самі параграфы дадаткова падзяляюцца на асобныя пункты, на якія можна асобна спаслацца. Па сутнасці гэта тэкст закону “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, разбіты на часткі. Так, правілы беларускай мовы – гэта закон! 🙂
Тэхнічна гэта 66 асобных файлаў у фармаце Markdown, якія дадаткова пазначаны спецыяльным кодам Front Matter у якім пазначаны раздзел і падраздзел.
+++ title = “Агульныя правілы правапісу вялікай і малой літар” chapter = “Правапic вялiкай i малай лiтар” section = “Арфаграфія” +++
У некаторых выпадках, каб палепшыць выгляд галоўнай старонкі, некаторыя параграфы спалучаны разам, дзе гэта мае сэнс. Напрыклад старонка “Перадача акання і якання на пісьме” апісвае параграфы §4 і §6, якія называюцца “Передача акання на пісьме” і “Перадача якання на пісьме” адпаведна, але кожны параграф усё яшчэ мае асобную старонку, на якую можна спаслацца асобна.
Усе гэта зроблена з дапамогай генератара Hugo і простага шаблону (ці тэмы) збіраецца ў сайт, який потым загружаецца на GitHub Pages і там захоўваецца. Змены ў кодзе ці тэкстах правіл аўтаматычна збіраюцца з дапамогай GitHub Actions і трапляюць на сайт. Увесь код даступны публічна, таму каму цікава пакорпацца, запрашаю на GitHub.
Як бачыце, сайт даволі просты, калі казаць толькі пра афармленне, старонкі і самі правілы, але вось з пошукам давялося добра так пасядзець і прыдумаць простае, зручнае і бясплатнае рашэнне, пра якое я распавяду ў другой частцы.
Як і заўсёды, буду ўдзячны за ❤️🔥 пад допісам і распаўсюд. І падтрымку 😇.
Першапачаткова апублікавана ў Telegram-канале 2024-02-08.