Час ад часу я збіраю цікавыя падыходы, якія людзі прыдумваюць, каб неяк справіцца са стосам сваіх спраў. Звычайна гэта называецца #прадукцыйнасць, але па выніках усё зводзіцца да спроб зрабіць жыццё лепшым і лягчэйшым. На жаль, срэбнай кулі не існуе.
Калі ведаеш што і як рабіць, то пачаць даволі лёгка і ўсё цудоўна атрымліваецца. Вы і самі ведаеце. Каб такога дасягнуць, патрэбна ўмець планаваць загадзе. Аднак, куда важней ведаць і трываць у галаве галоўную мэту і ўмець на ёй сканцэнтравацца падчас працы.
Падыход з мэтанакіраваным тыднем на самой справе шмат хто апісвае ў кніжках, толькі называюць яго па рознаму, ці ўвогуль выкарыстоўваюць яго як частку нейкай іншай ідэі. Я ж хачу прывесці два прыклады, з якімі я сам асабіста пазнаёміўся.
Канцэнтрацыя
Адзін з варыянтаў апісваецца ў кніжцы “12-тыднёвы год” (The 12 Week Year), дзе аўтар настойвае на максімальнай канцэнтрацыі вакол задач і прапануе скарачэнне звычайнага перыяду планавання з аднаго року да 12 тыдняў. Самая ідэя 12-тыднёвага тыдня вельмі цікавая і я пра яе больш падрабязна планую распавесці ў наступным выпуске рассылкі ў панядзелак, таму мае сэнс падпісацца.
Дык вось, аўтар прапануе пры такім падыходзе вызначаць на тыдзень адну важную справу, ці нават мэту, вакол якой павінны будавацца план. Эфектыўнасць кожнага дня ён прапануе ацэньваць па таму, наколькі вы прыблізіліся да сваёй мэты.
Такая канцэнтрацыя дапамагае адсекчы розны шум і сканцэнтравацца толькі на выніковай дзейнасці. Калі лічыць, што кожны тыдзень будзе такі (малаверагодна), то праз 3 месяцы вы выканаеце 12 вялікіх задач, якія вы спачатку планавалі на цэлы год.
Я часам карыстаюся такім падыходам, збіраючы на пэўны тыдзень нейкую групу аднатыпных задач у межах праекту і максімальна шчыльна над імі працую, каб атрымаць адчувальны вынік. Але падтрымліваць такі тэмп пастаянна даволі складана з-за розных жыццёвых акалічнасцяў.
Цыклічнасць
Другі прыклад выкарыстання тыдня, як перыяду дзейнасці, я ўбачыў у аднаго даволі папулярнага інды-хакера, який адзін зрабіў некалькі паспяховых праектаў. У яго выпадку складанасць была ў тым, што яму аднаму патрэбна было як рабіць праект, так і неяк расказваць пра яго аўдыторыі і ён вырашыў чаргаваць такія перыяды актыўнасці.
Адзін тыдзень ён працуе над праектам наўпрост, то бок піша код і робіць іншыя тэхнічныя задачы, дадае новыя магчымасці да сваіх праграм і публікуе іх. А на наступным тыдні ён збірае ўсё тое, што зрабіў і расказвае пра гэта карыстальнікам. У канцы перыяду піша выпуск рассылкі, дзе дзеліцца гэтымі дасягненнямі і публікуе план на наступны тыдзень.
Такім чынам, адзін тыдзень яго для распрацоўкі, адзін для маркетынгу сваіх прадуктаў. Ён нават стварыў адмысловы сайт для такіх жа незалежных стваральнікаў, які паказвае, які зараз тыдзень – праграмавання ці маркетынгу.
Гэта толькі два прыклады, але на самой справе спосабаў планаваць свой час, энергію і ўвагу даволі шмат. Кожны падбірае для сябе той спосаб, який яму лепш пасуе. Я буду вельмі рады, калі прыведзеныя мной прыклады камусці дапамогуць хутчэй разабрацца з заваламі і вызвалены ад працы час правесці са сваімі блізкімі. ♥️
Першапачаткова апублікавана ў Telegram-канале 2024-02-06.