~/prastora.dev
прастора · распрацоўкі

Артыкул25 студзеня 2024 г.

Jamstack, ці навошта генерыраваць сайты

AL
AlroniksCreator
2 хв чытання

Калі заходзіць гаворка пра сайты, упэўнены, многія адразу ўспамінаюць пра дамен, хостынг і базу даных. Дамен, зразумела, патрэбны кожнаму сайту. А вось з хостынгам і базай даных могуць быць варыянты.

Складаным функцыянальным сайтам без іх не абысціся, але для блогаў, сайтаў з дакументацыяй і іншых, дзе няма вялікага ўзаемадзеяння, есць больш зручны варыянт. І што важна, амаль бясплатны.

Звычайна сайт працуе праз web-server і генерыруе змест старонкі кожны раз, калі яе запатрабаваў карыстальнік. Гэта патрабуе, каб праграма для апрацоўкі такіх запытаў працавала на серверы бесперапынна, што каштуе грошай. І ў свой час стваральнікі сервісу Netlify прыдумалі (але не яны першыя) іншы падыход і назвалі яго Jamstack.

🧐 Што такое Jamstack?

Назва – базворд, створаны ад першых літар тэхналогій, якія былі пакладзены ў аснову. “JAM Stack”, то бок JavaScript, API & Markup. Вось як тлумачыць назву сам аўтар:

“Сучасная архітэктура веб-распрацоўкі, заснаваная на кліенцкім JavaScript, паўторна выкарыстоўваемых API і загадзе створанай разметцы.” — Mathias Biilmann (CEO & Co-founder of Netlify)

Для блога базай даных можа быць набор файлаў з нататкамі, якія неабходна неяк упрыгожыць з дапамогай HTML і CSS. Па сутнасці Jamstack – гэта архітэктурны падыход, який аддзяляе ўзровень узаемадзеяння ад даных і афармлення. Але як гэта працуе на практыцы?

⚙️ Генерацыя сайтаў

Па сутнасці, спецыяльная праграма, генератар, збірае даныя з файлаў, выкарыстоўваючы тэму (набор HTML-шаблонаў і стыляў CSS), генерыруе старонкі будучага сайта і па пэўных правілах раскладвае іх у патрэбным парадку. Потым гэтыя гатовыя файлы старонак можна запампаваць на любы файлавы хостынг, напрыклад GitHub Pages, наладзіць туды доступ па спасылцы і сайт гатовы. У большасці выпадкаў гэта бясплатна!

Але Jamstack не абмежаваны толькі статычнымі старонкамі, яго архітэктура дазваляе выкарыстоўваць API з дадзенымі, каб некаторыя старонкі рабіць дынамічнымі і мець магчымасць рэагаваць на запыты карыстальніка. З гэтым дапамагаюць так званыя “безгаловыя” сістэмы кіравання зместам, больш падрабязна пра якія пагаворым наступным разам.

✅ Перавагі архітэктуры Jamstack

З-за таго, што вынікам генерацыі з’яўляюцца проста старонкі HTML, сайт не ўразлівы да хакерскіх атак. Рызыка з’яўлення памылак так сама мінімальная, таму што калі аўтаматычная генерацыя не спрацавалла, памылковая версія да хостынгу проста не дабярэцца. У адрозненне ад “жывых” сайтаў, дзе змены бачны амаль адразу.

Так сама простыя старонкі ў выглядзе файлаў вельмі хутка загружаюцца, таму што гэта не патрабуе дадатковых рэсурсаў на апрацоўку запытаў карыстальнікаў, ці чаканне адказу ад базы даных.

Больш падрабязна даведацца пра Jamstack можна на афіцыйным сайце, а каб не прапусціць допісы пра генератары сайтаў і “безгаловыя” CMS, падпішыся на канал!

Стаў 🔥 калі спадабаўся допіс!


Першапачаткова апублікавана ў Telegram-канале 2024-01-25.

Ёсць думкі ці пытанні?

Далучайцеся да абмеркавання гэтага матэрыялу ў нашых сацыяльных сетках.