~/prastora.dev
прастора · распрацоўкі

Артыкул15 ліпеня 2024 г.

Што важней, адукацыя ці вопыт?

AL
AlroniksCreator
2 хв чытання

На выходных, а менавіта ў суботу, выдалася свабодная хвіліна дома, калі ніхто не перашкаджаў і атрымалася запісаць некалькі ўдалых дубляў поўнафарматнага відэа для YouTube-канала. І калі з камерай я неяк ужо трошкі разабраўся, то мантаж стаў наступным цяжка пераадольным крокам.

Да позняй ночы глядзеў урокі па мантажу ў DaVinci Resolve, бо нягледзячы на тое, што праграма папулярная і бясплатная, даволі складаная для таго, хто бачыць яе першы раз. Раней я карыстаўся CapCut і для кароткіх відэа па 1 хвіліне яе хапала цалкам. Калі што, то можна было нешта і рукамі зрабіць, бо таймлайн невялікі. Для доўгіх відэа вырашыў пайсці шляхом больш складаным.

І вось падчас гэтых эксперыментаў злавіў сябе на тым, што неяк і не вельмі складна аказваецца. Магчыма так было з-за таго, що назапашаныя веды ад папярэдніх спроб і праграм недзе адклаліся ў галаве. Відаць, гэта і ёсць той так званы вопыт, калі ты можаш раней атрыманыя веды выкарыстаць у новай сітуацыі.

Новую адукацыю атрымаць зараз не праблема, але без практычнага вопыту новыя веды проста немагчыма будзе скарыстаць, таму што не будзе за што зачапіцца. Я раней рабіў мантаж, таму новыя веды пайшлі на карысць, я навучыўся рабіць тое, што ўмеў, але іншым спосабам і нават лепей.

У праграмаванні сітуацыя прыблізна такая ж, колькасць інструментаў, моў праграмавання вялізная, але ўсе працуюць прыблізна аднолькава. Таму калі навучыўся аднаму, з кожным наступным інструментам потым будзе ўсё лягчэй і лягчэй. Таму вельмі важна практыкавацца, нешта спрабаваць рабіць, няхай і няўдала спачатку, але гэта заўсёды можна будзе выправіць дадатковай адукацыяй.

Дарэчы, відэа, што я рабіў, будзе апублікавана заўтра, у аўторак і надалей я планую прытрымлівацца такога ж раскладу, публікуючы відэа раз на тыдзень, але чаргуючы з выпускамі Айцікаста. Таму запрашаю падпісацца, каб не прапускаць новыя выпускі.

А для зусім нецярплівых ёсць магчымасць стаць патронам і атрымаць ранні доступ ужо сёння. Мне больш падабаецца сервіс Buy Me a Coffee, але можна і праз Patreon (на жаль, у Беларусі спасылкі працуюць толькі праз VPN).

#меркаванне #думкі


Першапачаткова апублікавана ў Telegram-канале 2024-07-15.

Ёсць думкі ці пытанні?

Далучайцеся да абмеркавання гэтага матэрыялу ў нашых сацыяльных сетках.